СТА́РАСТА СЕ́ЛЬСКІ,

ніжэйшая службовая асоба сял. грамадскага кіравання ў Рас. імперыі, у т. л. на Беларусі. У адпаведнасці з рэформай дзярж. вёскі 1830—50-х г. пасада С.с. ўведзена ў паселішчах казённага сялянства еўрап. часткі краіны, а ў выніку сялянскай рэформы 1861 — і ў паселішчах б. панскіх сялян. Выбіраўся сельскім сходам на 3 гады. Выступаў адначасова як кіраўнік сельскай грамады і як ніжэйшая службовая асоба дзярж. кіравання. Ён склікаў па меры патрэбы сельскі сход і выконваў яго пастановы, назіраў за спраўнасцю дарог і мастоў, за захаваннем збожжа ў хлебазапасных магазінах і інш. На яго ўскладаліся таксама фіскальныя абавязкі і адм. паліцэйскія функцыі, меў права караць сялян. Непасрэдна падпарадкоўваўся валасному старшыні, выконваў распараджэнні паліцыі, міравога пасрэдніка, земскага ўчастковага начальніка і «ўсіх прызначаных улад па прадметах іх ведамства». Старасты меліся ў дзярж. маёнтках і да 19 ст., а ў панскіх уладаннях і да 1861, але назначаліся адпаведна ўладамі і памешчыкамі, поўнасцю падпарадкоўваліся ім.

В.​П.​Панюціч.

т. 15, с. 159

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)